БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,
рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац. сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж. бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. (у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».
В.І.Бягун.
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)